РАЖКО́ВАЕ ДРЭ́ВА, цэратонія струкавая (Ceratonia siliqua),

кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.

Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксама наз. адзін з відаў роду празопіс.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)